Праз трыццаць тры гады працы з мікрафонам і пры мікрафоне, я прыйшла да высновы, што журналістыка -- гэта добра сфармуляванае і правільна адрасаванае пытанне. Усё астатняе, што гучыць у эфіры, гэта -- напаўняльнік, аздоба, імітацыя. Шум у эфіры, створаны радыёжурналістамі, можа быць рознай якасці. Можа быць нават досыць гарманічны.
У 17 гадоў, на першым курсе журфака, я прыйшла на Чырвоную, 4. Беларускае дзяржаўнае радыё, праграма для падлеткаў "Рамантыкі".
Грувасткі (дарам, што партатыўны) магнітафон "Репарцёр-5" (або 6?) быў яшчэ нават не касетны, а бабінны. Трэба было асмеліцца задаваць пытанні і тыцкаць субяседніку пад нос мікрафон. Трэба было здымаць тэкст, то бок, усё, што сказалі суразмоўцы, перапісваць чытэльным почыркам. Па гэтай пакрэсленай паперцы мантажніцы ўручную рабілі мантаж гуку на стужцы, а машыністкі друкавалі перадачу для эфіру. Трэба было напісаць уласны тэкст. Гэта было лёгка, а вось прачытаць яго ў студыі перад мікрафонам не атрымлівалася. Але на тое былі дыктары, якія і чыталі пастаўленымі галасамі тую, напісаную для "Рамантыкаў, дзіцячую лухту.
Потым былі доўгія гады пазаштатнага супрацоўніцтва са слыннай "Беларускай маладзёжнай". Радыёперадачы, зробленыя там, я лічу сапраўднымі радыёперадачамі. Захавалася некалькі тэкстаў.
1986 год. Перабудова. Галоснасць. Нефармальны моладзевы рух. "Талака".
Самая памятная журналісцкая знаходка здарылася ў цэнтры Менску. Калі пачалі будаваць Палац Рэспублікі, дык на Цэнтральнай плошчы (так тады называлася Кастрычніцкая) выкапалі катлаван, у якім корпаліся археолагі. Кіраваў раскопкамі нехта Зянон Пазняк. Менавіта ён выклікаў нязнанае раней адчуванне - адчуванне ўласніка. Заможнага. Якога рабуюць. Нібы гэта быў мой уласны Дамініканскі кляштар…
ІІ. Раскопкі Дамініканскага касцёла ў Мінску
У канцы 80-х назіралася такая ўнікальная з'ява, як грамадскія абмеркаванні. Бурныя і шматлюдныя.
ІІІ. Грамадскае абмеркаванне рэканструкцыі старога Мінску
Пасля таго, як "Беларускую маладзёжную" зачынілі, частка людзей сышла з Дзяржаўнага радыё, а частка засталася -- на Другой праграме, на "Радыё 2".
Там давялося па 5 гадзін запар працаваць у жывым эфіры. Гасцей можна было запрашаць у студыю, але не ўсіх. На Дзяржаўным радыё заўсёды была, ёсць і будзе цэнзура. Цікава было яе абыходзіць, то бок казаць у эфір нешта ўсім зразумелае, але да чаго фармальна нельга было прычапіцца. Галоўны рэдактар "Радыё 2" "эзопаву мову" заахвочваў. Таму, для надзейнасці, перад рэферэндумам 95-га, напрыклад, на Другой праграме некалькі дзён гучала адна музыка. Трэба было ўмець разумна пісаць сцэнар праграмы, афармляць гэтак званую "мікрафонную папку", на кожнай старонцы якой ставілася па некалькі подпісаў. То бок, тэма "Як рускамоўныя змагаюцца супраць беларускіх школ" запісвалася так: "Праблема выбару мовы навучання ў школе". Мусіла быць і разгорнутая расшыфроўка, пра што там будзе. Але рабілася "зашыфроўка". І перадача ішла ў эфір.
Сярэдзіна 90-х гадоў.
IV. Пра тое, як рускамоўныя змагаліся супраць беларускіх школ
Тая частка журналістаў "Беларускай маладзёжнай", якая сышла з Дзяржаўнага радыё, стала ядром каманды менскай фм-радыёстанцыі "101.2", якую таксама праз год зачынілі. Тады яны пачалі рабіць радыё "...". І зроблена было добра. "Рацыя" загаварыла на кароткіх хвалях у лістападзе 99-га. Вяшчанне было з Менску і з Варшавы. Цяперашняя "Рацыя" ў Беластоку - гэта зусім іншае радыё. А наша "Рацыя" праз два з паловаю гады замоўкла назаўсёды.
Пра радыё "..." магу сказаць: "маё радыё". Ад першага да апошняга эфіру. Я развіталася з Дзяржаўным радыё і прыйшла на Рэвалюцыйную 10, калі новае радыё толькі рыхтавалася да выхаду. Там пачалася новая эра радыёжурналістыкі. Запісвалі і манціравалі гук у кампутары, а суразмоўцы былі заўсёды на сувязі, бо яны ўжо мелі мабільнікі. У эфір ішло не больш за тры хвіліны. Гэта тычылася не толькі палітычных каментараў, але і больш цікавых гутарак.
Фалькларыста Васіля Ліцвінкі ўжо няма. Захаваўся запіс размовы з ім.
Васіль Ліцвінка пра камерцыялізацыю Калядаў
"..." была маім трэцім радыё. З "воўчым білетам" пасля "Рацыі" немагчыма было вярнуцца на Дзяржаўнае радыё. Заставалася "Radio Free Europe/Radio Liberty".
На "...", як у джунглях, трэба было ўмець выжыць. Рабіць там давялося гэтак званыя "камбінаваныя матэрыялы". Іх называлі "камбайны", але гэта былі, хутчэй, цацачкі. Нешта сярэдняе паміж радыёспектаклем і рэпартажам, бо з удзелам рэальных экспертаў. Патрабаванні былі вельмі жорсткія. Дакладна 7 хвілін. Галасы суразмоўцаў гучаць не больш за 30 секунд. Галасоў шмат. Абавязкова вулічнае апытанне. Абавязкова гукавое афармленне. Ювелірная работа. Часу на гэтыя цацачкі ішло нямерана, а чуваць іх на кароткіх хвалях было кепска.
А на чацвёртым, на ... радыё ў Варшаве, мая радыёжурналістыка закончылася. Праз 33 гады ад пачатку, у той год, калі мне споўнілася 50. Віншаванняў з юбілеем не было, але за подпісам дырэктара ... радыё я атрымала загад, які спыняў наша пазаштатнае супрацоўніцтва. Без лішніх слоў, кшталту "дзякуй за працу".
Пра Беларускую праграму ... радыё мала хто ведае, дык тыя перадачы, можа, ніхто і не пачуў.
На кожным радыё былі свае праблемы. Але адна з іх агульная і непераадольная. Мова. Нельга лічыць паўнавартасным ні тое радыё, дзе абмяжоўваюцца выключна беларускамоўнымі суразмоўцамі, ні тое, дзе выказванні рускамоўных сінхронна перакладаюцца на беларускую, ні тое, дзе ідзе ў эфір мяшанка руска-беларуская. Няма мовы - няма радыё. Вось і ўсё.